Падарожжа Грушаўкі: ад прадмесця да мегаполіса
- Юрий Колос
- 25 июн.
- 2 мин. чтения
Грушаўка — калісьці ціхае прадмесце з амаль правінцыйнай атмасферай, за апошнія дзесяцігоддзі ператварылася ў дынамічны мікрараён з метро і шматпавярховай забудовай.
Але, за імклівымі зменамі хаваецца цікавая гісторыя.

This Minsk Media распавядзе, як раён з мілагучнай назвай прайшоў шлях ад пасёлка чыгуначнікаў да сучаснага гарадскога квартала. Дзе ў розныя часы бываў Якуб Колас і Любоў Арлова, вучыўся герой Савецкага Саюза Казімір Шабан, жыў паэт Анатоль Аўруцін, а таксама папулярны спявак Макс Корж.
У XIX стагоддзі землі, дзе сёння размяшчаецца Грушаўка, былі вядомыя сваімі сядзібамі і садамі, дзе багата раслі грушы — магчыма, адсюль і пайшла назва мясцовасці.
Па гэтай маляўнічай тэрыторыі працякала легендарная Няміга — яе рэчышча ішло ўздоўж сучаснага Разінскага завулка.

Тут жа праходзіла старая дарога з Мінска да вёсак Пятроўшчына і Гарадзішча, якая з цягам часу, і пераўтварылася ў вуліцу Грушаўскую.
Грушаўка ніколі не была вёскай у класічным сэнсе — яна сфарміравалася як прадмесце Мінска ў другой палове XIX стагоддзя і была цесна звязана з будаўніцтвам Маскоўска-Брэсцкай і Лібава-Роменскай чыгунак. У гэты перыяд горад актыўна пашыраўся на паўднёвы захад, у кірунку чыгуначных ліній.
З 1880-х гадоў чыгуначнікі пачалі ўзводзіць на Грушаўцы драўляныя сядзібы. Побач з рэйкамі з’явіліся вагонарамонтныя майстэрні, якія пазней ператварыліся ў сучасны Вагонарамонтны завод.
Сымбалічна, што менавіта рабочыя чыгункі схавалі Раду Усебеларускага з’езду пасля яго разгону бальшавікамі ў снежні 1917. Хто ведае, мо дзякуючы гэтай падтрымцы Рада неўзабаве змагла абвесціць БНР.

Акрамя прыватнай забудовы, часткай гісторыі раёна, якая захавалася сёння — з’яўляюцца карпусы чыгуначнага шпіталя пач. XX стагоддзя. Тут быў створаны бальнічны комплекс для медыцынскага абслугоўвання чыгуначнікаў і іх сем’яў. У 1910 годзе для забеспячэння шпіталя і прылеглых аб'ектаў вадой — была ўзведзена воданапорная вежа ў неагатычным стылі, якая стаіць і сёння. У бліжэйшы час там запланавана адкрыццё кавярні.
Грушаўскі пасёлак. У 1928–1934 гадах на Грушаўцы было ўзведзена больш за 50 драўляных двухпавярховых дамоў для рабочых вагонарамонтнага завода і чыгуначнікаў. Новыя вуліцы, атрымалі назвы адпаведныя часу: Дзекабрыстаў, Шчорса, Папаніна. А ў 1938 годзе вучнямі мясцовай школы - быў закладзены Грушаўскі сквер.
У 1930-я гады на месцы былога завода Ліфшыца быў пабудаваны комплекс казармаў «Белпалка» (Грушаўская, 5 і 5а), якія падчас нацысцкай акупацыі — выкарыстоўваліся немцамі.
Крымінальная «маліна». У сярэдзіне ХХ стагоддзя кварталы Грушаўкі мелі рэпутацыю крымінальных, а пагалоска пра «адчайнасць» грушаўскіх — грымела на ўсю сталіцу.
Асаблівая атмасфера гэтых вуліц, прасякнутая «жыганскім флёрам», захоўвалася яшчэ да сярэдзіны 1990-х. Мясцовыя шырока выкарыстоўвалі «феню» — спецыфічную калякрымінальную лексіку, а на прыватных падворках трымалі галубятні, дзе разводзілі галубоў.

У 1956 годзе насупраць Грушаўскага сквера быў пабудаваны ў стылі ампір кінатэатр «Авангард» які ў 2018 годзе знеслі.
У 1960-я гады пачалася мадэрнізацыя раёна: уздоўж вуліц Грушаўскай і Чыгуначнай з'явіліся шматпавярховыя дамы, быў пабудаваны мост-пуцеправод праз чыгунку і пракладзены праспект Дзяржынскага. У 1980-я з’явіўся праспект Жукава, што прывяло да зносу некаторых сядзібаў.
У 2006–2012 гадах у сувязі з будаўніцтвам метро адбыўся масавы знос старой забудовы, а ў 2012 годзе была адкрыта станцыя метро «Грушаўка».

Сёння Грушаўка — гэта сучасны раён, дзе яшчэ можна сустрэць фрагменты старой вулічнай планіроўкі. Грушаўка не знікла бясследна, яна працягвае жыццё ў назве новага мікрараёна і станцыі метро. Апошнюю ўпрыгожвае дэкаратыўнае панно з вялікай меднай грушай, вакол якой, на галінках рассыпаліся маленькія грушкі. Што нагадвае пра часы, калі на мясцовых падворках шапацелі грушы.