Кожны дзень вайны, кожны выбух і разбураны дом нагадвае свету пра змаганне Украіны.
Восенню 2024 года журналісты з каманды ThisMinsk Media адправіліся ва Украіну з гуманітарнай місіяй і каб пабачыць, чым жыве краіна ў час цяжкіх выпрабаванняў.
Візіт быў судакрананнем з гісторыяй, якая адбываецца тут і цяпер і пачынаецца адразу за польскім кардонам. Змаганне, мужнасць і салідарнасць тут не кніжныя словы, а суворая рэчаіснасць ваюючага народу.
Пасля таго, як нам удалося ўзгадніць "калідор" для перасячэння мяжы, мы дабраліся да Львова — культурнай сталіцы сучаснай Украіны. Львоў, як гасцінны гаспадар, сустрэў нас гукамі вулічнай музыкі і пахам кавы, нагадаўшы пра тое, што нават у ваенных умовах украінцы не адмаўляюцца ад культурнага жыцця. Тут, сярод еўрапейскай архітэктуры, як і раней паўсюдна лунае дух Свабоды, а львівяне спрабуюць падтрымліваць даваенную ўтльнасць, найперш для вайсковых, што прыехалі ў кароткую відпустку.
На другі дзень мы рушылі ў галоўны горад Валыні Луцк - месца, дзе сплялася ў луцкім замку сярэднявечная гісторыя Беларусі і Украіны. Горад па чысціні і ахайнасці вельмі нагадаў Беларускі абласны цэнтр.
Сустрэча з мясцовымі журналістамі стала асновай для шчырага і эмацыянальнага абмеркавання. Размова ішла не толькі пра супрацоўніцтва, але і пра глыбокае разуменне ўзаемазалежнасці Украіны і Беларусі ў гэты цяжкі час.
Як перадаць беларускім чытачам боль і надзею, веру і рашучасць украінскага народа? Як зрабіць так, каб кожны беларус адчуў, што гэтыя падзеі датычаць і яго асабіста? Як гэта важна, каб мы дома і ў эміграцыі разумелі, што адбываецца побач у суседа.
Кіеў, які мы наведалі далей, сустрэў нас стомленымі вачыма, цямнейшы чым раней, але з воляй і гонарам у сэрцы. У горадзе шмат вайсковых, але звычайнае цывільнае жыццё віруе: працуе метро, паліклінікі, крамы. Па аўтамабілям і пробкам – блізка да даваеннага. Праз аплікацыю: Кіеў-лічбавы атрымоўваеш папярэджанні аб налётах.
Сустрэліся з беларусамі, якія на справе дапамагаюць Украіне. Гэта сапраўдныя героі, якія, рызыкуюць ўласным жыццём, каб захаваць гонар нашай Нацыі. Сустрэчы з імі пакінулі глыбокі след, і гонар што наш народ мае такіх волатаў.
Наш візіт яшчэ раз паказаў, як важна заставацца вернымі праўдзе, як неабходна слухаць, чуць і бачыць тых, хто змагаецца.
Вяртаючыся ў Польшчу, везлі з сабой шмат разнастайных эмоцый і адчуванняў, галоўная з якіх — упэўненасць, што Украіна нязломная. І сёння яе гісторыя стала часткай і нашай агульнай.